вырашэньне якога было намечана ўжо ім у яго „Основаниях физиологической психологии“.
Выразныя рухі не прадстаўляюць якой-небудзь асобнай формы рухаў; да іх належаць пералічаныя ўжо віды рухаў як рэфлекторныя, так інстыктыўныя, так і адвольныя. Адзначаючай рысай іх зьяўляецца толькі іх сымптоматычны характар. „Служачы праявай унутранога стану, — праявай, якая разумееца другой істотай таго самага роду і можа выклікаць адказ з боку апошняй, рух становіцца сродкам выражэньня думкі або пачуцьця“ (Основан. Физиологич. психолог., перевод Кандинского, 1880 г., стар. 973).
Далей Вундт дае клясыфікацыю выразных рухаў у залежнасьці ад тых псыхічных станаў, выражэньнем якіх яны зьяўляюцца. Ён адрозьнівае выразныя рухі, якія служаць выражэньнем пачуцьцяў, і выразныя рухі, якія зьвязаны з прадстаўленьнямі.
Усякае звычайнае пачуцьцё і нават складаны афэкт Вундт азначае ў трох адносінах: з боку інтэнсыўнасьці (узбуджэньне альбо прыдушанасьць) у якасных адносінах (прыемная альбо няпрыемная) і, патрэцяе, з боку напруджаньня або вырашэньня.
Інтэнсыўнасьць пачуцьця выяўляецца галоўным чынам ва ўнутраных рухах, выкліканых зьменаю інэрвацыі, якасная-ж ахварбоўка пачуцьця, а таксама напруджаньне і вырашэньне перадаюцца пераважна ў цяглічных рухах твару, у так званых мімічных рухах.
Трэці род выразных рухаў, рухі пантомімічныя, зьвязан ужо з выражэньнем афэкту — складаных псыхолёгічных зьяў, у склад якіх уваходзяць як пачуцьці, гэтак і прадстаўленьні. Прадстаўленьне заўсёды нямінуча выклікае вядомае пачуцьцё і такім чынам зьяўляецца разам з пачуцьцём толькі двума бакамі аднэй і тэй самай псыхолёгічнай зьявы. Гэты інтэлектуальны бок афэкту, г. зн. прадстаўленьне, праяўляецца ўжо ў іншага роду рухах, — у пантомімічных, якія складаюцца, галоўным чынам, у рухах цягліц рук і тулава.
Дапаўняючы і разьвіваючы азначэньні Энгеля і Тэйлёра, Вундт усе пантомімічныя рухі падзяляе на паказальныя і пераймальныя.
Паказальныя пантомімічныя рухі, якія прадстаўляюць больш слабую форму, Вундт выводзіць з уласьцівых жывёліннай стадыі першапачатковых хапальных рухаў. Пераймальныя рухі таксама ўсходзяць да стадыі жывёльнага разьвіцьця; галоўнай умовай іх узьнікненьня зьяўляецца саграмадзтва аднолькавых індывідаў.
Прадстаўленьне вядомага руху асобнага індывіду, перадаючыся сьвядомасьці другога індывіду, дзейнічае як інстынктыўны повад да руху, і выклікае з прычыны гэтага мімічныя і пантомімічныя рухі.