Потэбні, ён лічыць асноўным элемэнтам сказу verbum finitum. У супроцьлежнасьць Міклошычу ён трымаецца тэй правільнай думкі, што ня толькі знадворным шляхам, г. зн. пры дапамозе далучэньня адпаведных суфіксаў, — прыметнае, лічэбнае і іншыя часткі мовы пераходзяць у назоўнае. Канечнай умовай субстантыраваньня гэтых частак мовы будзе іх зьяўленьне ў сказе ў ролі суб‘екта.
У пытаньні аб склоне імянной часткі выказьніка Ягіч таксама стаў на пункт погляду Потэбні і зусім правільна даводзіць думку аб большай старадаўнасьці назоўнага склону прад прыладным у ролі імяннога прэдыкату.
У выкладаньні пытаньня аб прэдыкатыўнасьці дзеяслоўнае прыметы Ягіч таксама ідзе па сьлядох Потэбні (у разьдзеле „Particip als Prädicat“).
У пачатку цяперашняга сталецьця пытаньнямі сынтаксу заняўся Вондрак, які прысьвяціў сынтаксу значную частку ІІ тому „Yergleichende slavische Grammatik“. Калі мы правядзем роўналежную паміж Вондракам і Міклошычам, мы пабачым, што Вондрак, падобна Міклошычу, не адыходзіць ад жывога, цэльнага сказу, а разглядае граматычныя формы незалежна ад яго, але многія няправільнасьці ў працы Міклошыча апраўдваюцца багацьцем прыведзенага матэрыялу, чаго мы ня можам, аднак, сказаць наконт сынтаксу Вондрака.
Але асабліва губляе праца Вондрака пры параўнаньні з працамі Потэбні. У Вондрака мы не знаходзім гістарычнага пункту погляду на мову, як у Потэбні; у выкладаньні Вондрака факты мовы ня жывуць, не разьвіваюцца, яны замораны пагубнай, высушаючай клясыфікацыяй або „граматычнай анатоміяй“, як выказваецца проф. Грунскі.
Апрача таго, проф. Грунскі зусім правільна адзначае „надзвычай павярхоўнае знаёмства Вондрака з працамі Потэбні“. З прычыны гэтага незнаёмства з літаратурай пытаньня Вондракам дапушчаны і іншыя памылкі, як, напр., у тлумачэньні ўжываньня роднага склону.
Ён ня толькі прызнае, сьледам за Міклошычам, асобную катэгорыю родн. партытыўнага ў славянскіх мовах, але гэты від родн. склону Вондрак лічыць нават асноўным яго значэньнем. Аднак, гэта катэгорыя, як давёў проф. Томсон, не зьяўляецца спрадвечнай у славянскіх мовах; яна ўвашла ў нашы граматыкі толькі пад уплывам лацінскае мовы. Некаторыя з артыкулаў проф. Томсона па гэтаму пытаньню вышлі яшчэ да зьяўленьня ў сьвет „Сравнительной грамматики“ Вондрака, і дзеля гэтага за дапушчаныя апошнім няправільнасьці ў тлумачэньні род. склону нельга яго прасьціць.
Скажам яшчэ некалькі слоў аб монографіях па асобных пытаньнях сынтаксу, з якіх найбольш цікавымі зьяўляюцца артыкулы проф. А. І. Томсона, прысьвечаныя ўжываньню роднага-вінавальнага ў славянскіх мовах. У больш