Глыбынёй і зьмеснасьцю свайго вучэньня, Потэбні ўдалося абудзіць сярод многіх расійскіх і заходніх вучоных зацікаўленасьць да вывучэньня сынтаксу і псыхолёгіі мовы і ўтварыць у Расіі цэлую школу пасьлядоўцаў. На Захадзе многія палажэньні з вучэньня Потэбні прыняты Ягічам.
Першым па часу з вучняў Потэбні зьяўляецца рана памёршы і аплаканы самім Потэбняй А. В. Папоў, які ў сваёй працы „Синтаксические исследования. I. Именительный, звательный и винительный в связи с историей развития заложных значений и безличных оборотов в санскрите, зенде, греческом, латинском, немецком, литовском, латышском и славянском наречиях“ (Варонеж, 1881 г) імкнецца давесьці найбольшую старажытнасьць вінавальнага склону, які спачатку нёс і функцыі назоўнага склону. І толькі пазьней зьяўляецца назоўны склон, які пачынае абазначаць бліжэйшы прадмет у той час, як за вінавальным застаецца толькі роля абазначэньня больш аддаленых прадметаў.
У гэтым і некаторых іншых палажэньнях Папова сказаўся моцны ўплыў Курцыуса.
Але найбольш выдатным пасьлядоўцам Потэбні і найлепшым популярызатарам яго вучэньня зьяўляецца акад. Д. Н. Аўсяніка-Кулікоўскі.
Ідучы па сьлядох свайго настаўніка, ён у шэрагу сваіх прац імкнуўся разьвіць далей і ўсебакова ўгрунтаваць думку Потэбні аб узмацненьні ў нашай мове выказнасьці за кошт субстантыўнасьці.
Аўсяніка-Кулікоўскі дапаўняе працы Потэбні тым, што ён выходзіць з галіны адных толькі славянскіх падмоў і пераносіць свае дасьледзіны на глебу інда-эўроп. моў (гл. „Синтаксическ. наблюд.“ Ж. М. Н. П. за 1897, 98 і 99 г. г.).
Але галоўная адзнака прац Аўсяніка-Кулікоўскага ад прац Потэбні тая, што ён многія свае палажэньні абгрунтоўвае не на філёлёгічных, а на псыхолёгічных довадах. Такую перавагу псыхолёгізму мы бачым у азначэньні акту прэдыцыраваньня („Синтаксическия наблюдения“; „Психология мысли и чувства. Художественное творчество“, VI том твораў).
Азначаючы прэдыкатыўнасьць, як адзначальную рысу ня толькі граматычнага, але псыхолёгічнага і лёгічнага суджэньняў, Аўсяніка-Кулікоўскі ўтоесамлівае гэтым зусім справядліва прэдыцыраваньне з актам апэрцэпцыі.
Першым адзначальным момантам прэдыцыраваньня (як, наогул, процэсу апэрцэпцыі, дадамо мы) зьяўляецца ўступленьне зьместу прадстаўленьня ў сьветлы, фіксацыйны пункт сьвядомасьці.
Другая істотная рыса прэдыцыраваньня састаіць у яго валявым характары.
Праводзячы, з мэтай выясьненьня гэтага боку зьявы, паралель паміж прэдыцыраваньнем і атрыбуцыраваньнем