У гэтым разьдзеле Потэбня, папершае, паказвае, як першапачатковыя разрозьненыя адчуваньні, дзякуючы дзеяньню тэй самай апэрцэпцыі, яднаюцца ў цэнны комплекс, які называецца пачуцьцёвым вобразам. Сродкам гэтай апэрцэпцыі павінна быць, як нам ужо вядома, слова.
Ад звычайнага асоцыяцыйнага процэсу гэта апэрцэпцыя адрозьніваецца тым, што яна, як двучленны акт, прадстаўляе ў сутнасьці, псыхолёгічнае суджэньне, прычым „апэрцэпуемае і падлягаючае тлумачэньню будзе суб‘ектам суджэньняў, апэрцэпуючае і тлумачачае — яго прэдыкатам“. Усе словы, якія вымаўляліся першабытным чалавекам альбо вырываліся ў нас пад уплывам ахапіўшага нас пачуцьця ці зрабіўшага на нас уражаньне ўспрыйманьня, як, напр., пажар, будуць псыхолёгічнымі прэдыкатамі да пачуцьцёвых успрыйманьняў.
Разьбіўшы далей думку Бэкера аб тым, што гэтыя першапачатковыя выказьнікі зьяўляюцца дзеясловамі, потым думку Штэйнталя аб тым, што гэтыя словы — выказьнікі, як назвы азнак дзеяньня, трэба было-б назваць прыслоўямі, Потэбня даводзіць, што першапачатковы выказьнік прадстаўляе зерня, з якога разьвіваюцца будучыя граматычныя катэгорыі. Тут ужо відзён намёк на будучыя дасьледзіны Потэбні. Далей Потэбня выясьняе, як утвараюцца ў нашай псыхіцы паняцьці разам з пераходам мовы ад першапачатковых сынтэтычных суджэньняў да пазьнейшых аналітычных.
Апошні дзесяты разьдзел „Поэзия и проза“ заключае шэраг палажэньняў па пытаньнях поэтыкі, якія закранаюцца Потэбняй таксама ў яго магістарскай дысэртацыі „О некоторых символах в славянской народной поэзіі“ і ў кнізе „Из лекций по теории словесности“, але якія паўней за ўсё выкладаюцца ў яго творы „Из записок по теории словесности“. Гэтыя „Записки“, якія засталіся ў чарнавых нататках, былі выданы Харціевым.
Кніга ўся разьбіта на тры аддзелы.
I-ы аддзел, які носіць назву „Поэзия и проза“, устанаўляючы адпаведнасьць паміж вышэйшымі творамі чалавечага слова і асобным словам, выясьняе адносіны паміж поэзіяй і прозай. Падобна да таго, як поэтычнае слова адзначаецца ад прозаічнага тым, што ў ім, апрача знадворнай формы і значэньня, мы знаходзім яшчэ „ўнутраную форму“, падобна да гэтага і кожны поэтычны твор адзначаецца ад прозаічнага тым, што значэньне, думка перадаюцца ў ім у мастацкім вобразе, які зьяўляецца тут як-бы „ўнутраной формай“ твору.
У II аддзеле разглядаюцца віды поэтычнай інасказальнасьці. Адвяргаючы звычайнае азначэньне тропаў, як „пераносных выразаў, якія адвольна ўжываюцца з мэтай прыкрасы мовы“, Потэбня заяўляе, што ўсякі пераход думкі да но-