даньне вышла ў 1922 г. ў Адэсе пад рэдакцыяй акадэм. Б. М. Ляпунова. Гэта досыць удалая па свайму вылажэньню праца Потэбні, аднак, менш самастойна, чым доктарская яго дысэртацыя „Из записок по русской грамматике“.
Галоўная думка твору, як відаць з загалоўку, — выясьніць адносіны паміж думкаю і моваю.
Кніга складаецца з дзесяці разьдзелаў. Першыя два разьдзелы прысьвечаны крытычнаму разгляду панаваўшых на Захаде тэорый пахаджэньня мовы. Адным з цікавейшых разьдзелаў кнігі зьяўляецца III разьдзел, прысьвечаны вучэньню Гумбольдта. Але сьледам за Штэйнталем, аднак, Потэбня ўсьведамляе супярэчнасьці ці антыноміі ў вучэньні Гумбольдта, абумоўленыя рэшткамі мэтафізычнасьці ў яго вучэньні.
Наступныя разьдзелы разгляданай намі кнігі і асабліва VIII разьдзел „Слово, как средство апперцепции“ і часткова IX разьдзел напісаны пад вялікім уплывам Штэйнталя.
У вывядзеньні слова з злучнасьці прадстаўленьняў, потым у азначэньні апэрцэпцыі Потэбня, уласна кажучы, сьледуе Гэрбарту, што, аднак, ускосна адбівае ўплыў таго самага Штэйнталя, першым прыстасаваўшага да мовазнаўства прынцыпы гэрбартыянства.
На выкладаньні VIII разьдзелу мы спынімся больш падрабязна.
Усякая апэрцэпцыя ёсьць тлумачэньне пазнаваемага пры дапамозе пазнанага. Але галоўнае значэньне апэрцэпцыі служыць мэтай пазнаньня, г. зн. утварэньню новых думак, і таму рэзультатам апэрцэпцыі, як узаемаўплыву дзьвюх мас прадстаўленьняў, апэрцэпуючай і апэрцэпуемай, зьяўляецца набыцьцё чагосьці новага, непадобнага ні да адной з гэтых мас. Дзеля таго, каб даная зьява магла быць успрынята, патрэбна, каб яна мела хоць якія-небудзь агульныя рысы з апэрцэпуючай масай. Гэтыя агульныя рысы можна назваць сродкам апэрцэпцыі. Трэцяе, агульнае паміж двума членамі, параўнаньня (tertium comparationis) і ёсьць сродак апэрцэпцыі (Потэбня, „Мысль и язык“).
Такім самым сродкам апэрцэпцыі зьяўляецца і чалавечае слова. Яно, дзякуючы знадворнай, гукавой форме і так званай „унутраной форме“, якія зьяўляюцца як-бы tertium comparationis, дае магчымасьць адшукаць агульнае паміж новым успрыманьнем і раней пазнаным.
Найбольш самастойны і найбольш глыбокі па зьместу — ІХ разьдзел „Представление, суждение, понятие“, які заключае ў сабе зачаткі тых думак, якія разрасьліся ў стройную філёзофскую сыстэму ў яго „Записках по русской грамматике“. Тут як-бы апрыорна былі вызначаны галоўныя пункты яго вучэньня, якія потым a posteriori былі пацьверджаны Потэбняй на аснове фактычных назіраньняў над мовай.