і на нямецкую мову пад назвай „Das Denken im Lichte der Sprache“ і вядомы таксама і ў расійскім перакладзе) і потым „Vorles. über die Wiss. der Sprache“, вельмі популярныя ў свой час, заключаюць, аднак, шэраг памылковых палажэньняў як напр., аб адцягненасьці першапачатковых каранёў, аб тым, што адзінкавыя іменьні вынікаюць з зборных, і шэраг іншых.
Неабгрунтаванасьць думак М. Мюльлера не адзін раз даводзілася Потэбняй у яго „Записках по рус. грам.“
Галоўнымі творамі, якія належаць пяру Потта, зьяўляюцца „Etimologische Forschungen“ i „Einleitung in gemeine Sprachwissenschaft“, перакладзеныя на расійскую мову пад назвай „Введение в общее языковедение“ (перакл. Гэрм. Гэнкэля і Ал-ра Васільлева, 1885 г.).
У філёзофскім асьвятленьні фактаў мовы Потт некалькі адступае ад псыхолёгічных тэндэнцый Штэйнталя і імкнецца пагадзіць яго палажэньні з вучэньнем ранейшай лёгічнай граматыкі.
Клясык па спэцыяльнасьці, Курцыус у сваіх працах па грэцкай мове (Grundzüge der griech. Etymol. і інш.) таксама выказвае шэраг філёзофскіх меркаваньняў — аб корані, аб граматычных формах.
На больш падрабязным разглядзе думак названых вучоных нам даводзілася ўжо спыняцца ў папярэдніх разьдзелах.
Завяршэньнем філёзофіі мовы на Захадзе зьяўляецца ў сучасны момант вучэньне Вільгельма Вундта. Мэдык па адукацыі, Вундт заняўся філёзофіяй мовы, і вынікам гэтых заняткаў зьявілася яго „Völkerpsychologie“. 1-ы том „Die Sprache“, які складаецца з дзьвюх кніг вышаўшы ў 1900 г., абыймае пытаньні мовазнаўства; наступныя тамы, якія выходзілі амаль да апошняга часу, прысьвечаны псыхолёгіі мастацтва, міту і рэлігіі, звычаю і нораваў.
Прадстаўляючы, як кажа проф. Зялінскі, „мяжу чалавечай энэргіі ў галіне навуковае працы“, гэтая праца заключае шмат новых, орыгінальных палажэньняў (аб выразных рухах, аб гукавой мэтафары, псыхічных прычынах гукавых зьмен і цэлы шэраг іншых) і пабудавана на асновах строга навуковых даных экспэрымэнтальнай псыхолёгіі. У гэтай працы Вундт, пярэчачы Паулю, аддзяляе, як мы ўжо гаварылі, індывідуальную псыхолёгію ад псыхолёгіі народаў, і імкнецца сьцьвердзіць асновы апошняй паказаньнем на такія зьявы чалавечай культуры, як мова, міт і норавы, якія могуць вынікнуць толькі ў грамадзтве. Значным крокам наперад параўнальна з папярэднікамі, зьяўляецца ў Вундта яго азначэньне душы. Канчаткова парываючы са ўсякай мэтафізыкай у псыхолёгіі, Вундт, у супроцьлежнасьць ранейшаму субстанцыянальнаму разуменьню душы, высоўвае прынцып актуальнага разуменьня душы. „Чалавечая душа нішто іншае, як законамерная сувязь псыхічных зьяў“.