Гэрбарт першы, як вядома, разьбіў доўга панаваўшую ў псыхолёгіі тэорыю нярухомых і непадзельных душэўных здольнасьцяй і паказаў, „што пазнаньне, пачуцьцё і воля, якія лічыліся раней першымі галінамі душэўнага жыцьця, сапраўды, павінны быць вывадзімы з адной толькі здольнасьці выабражэньня з узаемаўплыву ці „мэханікі“ атомаў душы — асобных непадзельных прадстаўленьняў“.
Ня толькі пазнавальны процэс, але нашы пачуцьці і воля — вынік вядомых узаемаадносін прадстаўленьняў.
Раней, чым перайсьці да выкладаньня далейшых лёсаў філёзофскага мовазнаўства, трэба ўспамянуць яшчэ аб сучасьніках Штэйнталя — Гэйгэры і Рэнане.
Некалькі ў баку стаіць па орыгінальнасьці высунутых палажэньняў вучэньне Гэйгэра.
У сваіх творах ён раскрывае ход эволюцыі мовы. Яго вучэньне распадаецца на тры аддзелы: 1) мэтафізіку, якая выкладае сутнасьць усякай эволюцыі, 2) псыхолёгічнае вучэньне аб утварэньні паняцьцяў і 3) вучэньне аб пахаджэньні мовы.
У эволюцыі галоўным рухачом, па Гэйгэру, зьяўляецца час, „паступовасьць“ (Allmaehlichkeit).
Але ён не паказвае законаў гэтага разьвіцьця; адзін з законаў Гэйгэра — гэта выпадак, што, паводле слоў Штэйнталя, праўдзівей было-б назваць „бяссэнсіцай“.
Але ва ўсякай эволюцыйнай працы відна, аднак, мэтазгоднасьць. Кожная прылада, утвораная для якой-небудзь працы, удасканальваецца пры ўжываньні.
Наконт прынцыпу паступовасьці Штэйнталь заўважае, што ў самай рэчы, як паказаў яшчэ Гегель, усякае разьвіцьцё працякае ня роўнамерна і не паступова, а штуршкамі (stossweise). Вада, нагрэўшыся, зразу пры 100° пераходзіць у пару.
У сваіх псыхолёгічных поглядах Гэйгэр зьяўляецца ў сутнасьці матэрыялістым.
„Нашы думкі — гэта адбітак уражаньняў, атрыманых нашай сетчаткай“.
Пытаньне аб утварэньні паняцьцяў Гэйгэр вырашае, выходзячы з наступнага палажэньня. Пры дапамозе пачуцьцяў мы ўспрыймаем і прадстаўляем заўсёды асобнага чалавека, але не чалавека, як гэткага наогул; ня голуба, як гэткага наогул, але заўсёды асобнага голуба пэўнай велічыні, колеру і формы.
Такім чынам, агульнае існуе ня ў тым сэнсе, у якім яго прымае формальная лёгіка, — яно зводзіцца толькі да агульных прычын зьяў прыроды. Гэйгэр рэалізуе гэта агульнае і гэтым ставіць сябе на адну дошку з рэалістымі.
Гэйгэр ўвесь час імкнецца давесьці, што ў сапраўднасьці існуюць толькі асобныя прадметы; у іх агульнае зьвязваецца з прыватным.