Організм Бэккер супроцьстаўляе твору мастацтва, які ўтвараецца не ўнутраной сілай, а чыста знадворнымі прычынамі.
Разьвіваючы ў сваіх бясплодных формальных разважаньнях паняцьце організму, Бэккер адной з характэрных яго асаблівасьцяй лічыць існаваньне ў ім канцавосных супроцьлежнасьцяй, якія ўзаемна абумоўліваюць адна другую (а ёсьць толькі таму а, што супроцьлежна б, і наадварот).
Формай падзелу паняцьця, па Бэккеру, зьяўляецца, такім чынам, толькі дыхотомія. Асноўным паняцьцем Бэккер лічыць паняцьце дзейнасьці, канцавоснай яго супроцьлежнасьцю — паняцьце быцьця.
З гэтых асноўных паняцьцяў атрымліваецца, шляхам далейшага падзелу, 12 кардынальных паняцьцяў, усеагульных і нязьменных.
Прадпаслаўшы гэтыя разважаньні аб сутнасьці чалавечых паняцьцяў, Бэккер пераходзіць да азначэньня прыроды мовы. Мова — такі самы організм: яна зьяўляецца органічным ажыцьцяўленьнем думкі. На гэтым прадстаўленьні аб мове, як організьме, Бэккер і будуе сваю лёгічную граматыку.
Выведзеную ім лёгічную схэму кардынальных паняцьцяў Бэккер лічыць заўсёднай, агульна абавязковай для ўсіх моў. Слова, падобна іншым організмам, зьяўляецца ажыцьцяўленьнем адзінай нязьменнай думкі, і дзеля гэтага лёгічная граматыка для кожнае мовы дапушчае патрэбныя ў ёй скланеньні з 6 склонамі і спражэньні з абавязковымі дзейным і залежным станам, як у лацінскай мове. Гэта памылковая думка аб поўнай адпаведнасьці паміж лёгікай і граматыкай была канчаткова падарвана Штэйнталем у яго „Grammatik, Logik und Psychologie“.
Але першым пахіснуў асновы лёгічнай граматыкі яшчэ Гумбольдт. Падобна да таго, як Дэкарт палажыў пачатак новай філёзофіі, паставіў „маё“ існаваньне ў залежнасьць ад „майго“ мысьленьня, падобна да гэтага і Гумбольдт першы пачаў выводзіць пахаджэньне мовы з душэўнай дзейнасьці. Гэта палажэньне „cogito, ergo loquor“ мае, паводле слоў Штэйнталя, для мовазнаўства такое самае значэньне, якое для новай філёзофіі — картэзіянскае палажэньне cogito, ergo sum. (Steinthal, Ursprung der Sprache).
Гумбольдт першы паказаў, што мова ня ёсьць толькі прылада ці продукт; яна, галоўным чынам, наша псыхічная дзейнасьць і існуе ў яе актах, у мове — яе процэсах выказваньня і разуменьня. І гатовых паняцьцяў мова не выяўляе: „мова — орган, які ўтварае думку“.
Другой заслугай Гумбольдта зьяўляецца тое, што ён паказаў таксама, што ўзьнікненьне мовы магчыма толькі ў грамадзтве.