Побач з інда-эўропэйскаю параўнальнаю граматыкаю, ў мовазнаўстве выдзялілася крыху пазьней параўнальная граматыка славянскіх моў, якая вывучае суадносіны між гэтымі мовамі. Агульныя рысы ў зазначаных мовах яна тлумачыць пахаджэньнем ад славянскае прамовы. Але праславянская мова не зьяўляецца чымся аднастайным у хронолёгічных адносінах. У ёй трэба адрозьніваць розныя эпохі. Гэткім чынам, першаю задачаю параўнальнае граматыкі славянскіх моў стала ў апошні час устанаўленьне гісторыі ці хронолёгіі праславянскае мовы.
Прадстаўленьне суадносін паміж мовамі ў вобразе дрэва, зьяўляючыся вельмі простым і зручным з мэтодолёгічнага боку, мае, аднак, і свае хібы. Яно не паясьняе прычыны пераходных гутарак і ў той самы час прымушае думаць, быццам, пасьля выдзяленьня з прамовы, паасобныя мовы жывуць зусім адарваным жыцьцём. Але ў рэчаіснасьці справа стаіць іначай, і таму тэорыю дрэва трэба дапаўняць тэорыяю хваль.
Тэорыя дрэва, якая прымае строгую падлегласьць эпох (інда-эўропэйская — бальтыцка-славянская — праславянская — праруская) зьяўляецца толькі гіпотэзаю, існаваньне якое магчыма, дзякуючы недасканаласьці нашых вед аб гісторыі і географіі моўных зьяў. А калі-б з дапамогаю розных навуковых спосабаў нам удалося-б давесьці, што якая-небудзь моўная зьява, якая будзе характэрнаю, напр., толькі для адной беларускай ці украінскай мовы, зьявілася дзесь у кутку праславянскае тэрыторыі амаль з першага моманту жыцьця праславянскае мовы, тады вышла-б, што гісторыя гэтых моў пачалася не пасьля прарускае эпохі, а значна раней, амаль хутка пасьля пачатку самае праславянскае эпохі. Вось таму мы і лічым, што лепей падзяляць гісторыю славянскіх моў не на эпохі прамовы і паасобнага жыцьця, а на прадгістарычную (да зьяўленьня пісьменнасьці) і гістарычную (пасьля яе зьяўленьня).
Прадстаўнікі тэорыі дрэва таксама не бяруць пад увагу і географіі моўных зьяў. Вельмі рэдка граніцы гэтых зьяў супадаюць з граніцамі саміх моў, то не даходзячы да іх, то пераходзячы праз іх на суседнія мовы, і, такім чынам, мы ўтрачваем права ілюстраваць суадносіны паміж мовамі якое-небудзь сям‘і на ўзор дрэва.
Такім чынам, да пэўнае меры ўмоўнаю зьяўляецца ўсякая клясыфікацыя славянскіх моў, і нават умоўным будзе азначэньне граніц паасобных моў. Тэорыя дрэва можа ілюстраваць лёс моў бліжэй да праўды толькі ў тым выпадку, калі мовы адрываюцца адна ад другое, як мы гэта бачылі з галінамі інда-эўр. сям‘і.
Сам Йоган Шмідт моўныя зьявы відавочна прадстаўляў у вобразе паасобных кругоў, якія падобна хвалям на вадзе,