Перайсці да зместу

Старонка:Асноўныя пытаньні мовазнаўства (1926).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такая роля слова, як знадворнага знаку, непадзельна зьвязанага з думкаю; паняцьце рэалізуецца ў ім, як у валявым жэсьце, што об‘ектывізуе продукты ўнутраной, псыхічнай дзейнасьці.

Разам з гэтым знадворным знакам-жэстам паняцьце складае цэлы асоцыяцыйны процэс, які мы будзем называць процэсам слова-думкі. Асоцыяцыйны характар слова зьяўляецца першай і галоўнейшай яго рысай. Гэты погляд будзе служыць нам адыходным пунктам ва ўсіх нашых далейшых разважаньнях.

У пачатку разьдзелу мы сказалі, што бяз слова няма мысьленьня, якое прадстаўляе сувязь знадворнага гукавога знаку са значэньнем. Але разважаючы аб чым-небудзь, мы, у рэчаіснасьці, не вымаўляем голасна слоў; гукі слова замяняюцца, як тавар монетэй, яго адпаведнымі эквівалентамі — слухавымі і моторнымі прадстаўленьнямі.

У пісьменных людзей да паказаных асоцыяцый далучаецца яшчэ асоцыяцыя са зрокавым вобразам напісанага альбо надрукованага слова, ці з прадстаўленьнем рухаў рукі, з дапамогаю якіх мы пішам данае слова.

У гэтым складаным процэсе асоцыяцыі слухавых, моторных або зрокавых прадстаўленьняў з інтэлектуальнымі элемэнтамі значэньня і складаецца процэс мовы, які проф. Томсон азначае як здольнасьць разумець — гаварыць — чытаць — пісаць.

І ў кожны з асобных момантаў гэтага складанага процэсу мовы ўзбуджаюцца асобныя асоцыяцыі, якія адзначаюцца іншымі членамі і іншым парадкам. Так, пры слуханьні гутаркі другога чалавека ў нашую сьвядомасьць пранікаюць слухавыя прадстаўленьні слоў, якія і выклікаюць прадстаўленьне элемэнтаў значэньня. У гэтым зьяўляецца процэс разуменьня. Пры процэсе-ж гаварэньня парадак асоцыяцыі будзе іншы. Першапачатковым момантам зьяўляюцца элемэнты значэньня, якія выклікаюць адпаведнае прадстаўленьне руху органаў мовы. Процэс чытаньня складаецца ў асоцыяцыі зрокавага прадстаўленьня са значэньнем, і, нарэшце, парадак асоцыяцыі пры пісьме будзе адпавядаць парадку пры процэсе гаварэньня: элемэнты значэньня асоцыююцца з моторнымі прадстаўленьнямі пішучай рукі.

У кожнага чалавека можа пераважаць той ці іншы род прадстаўленьняў. У людзей, якія жывуць разумовым жыцьцём, пры шпаркім мысьленьні слухавыя, моторныя ці зрокавыя прадстаўленьні выпіхаюць элемэнты значэньня і могуць беспасярэдна асоцыявацца адзін з другім. У пісьменных людзей пераважаюць асоцыяцыі з зрокавым прадстаўленьнем напісанага ці надрукованага слова, альбо з моторнымі прадстаўленьнямі рухаў рукі. І ўсвойваюцца гэтыя асоцыяцыйныя шляхі не адначасова. А якраз у дзяцей (а таксама ў дарос-