|
І гавораць рабочыя ветла
заклапочаным зіркам вачэй:
— Мы збудуем хоць сорак паверхаў —
заглядай ў кантору часьцей.
Але цяжка Гафрону расстацца
з малатком працавітых людзей
і пасьля габінэтнае працы
ён на зьмену прыходзіць штодзень.
Галасы гаварлівай машыны
і людзкі зьнепакоены рух…
Даганяе цагліна цагліну
на далонях Гафронавых рук.
Ды ніяк не падолеюць спрыту —
даганяюць хай сотню гадоў:
у разьмераным рухамі рытме
лягуць роўна цагліны ў радок.
Толькі дум не утаймуеш шумлівых,
Толькі зірк адвінуўся ў даль
І сустрэўся з другім — палахлівым —
І ягоныя тайны згадаў.
Тады думка зьвілася капрызна
і ўжо кліча, і голас чуваць:
— Пачакайце хвілінку, Аліса,
я пра штосьці хачу запытаць!
Прыпынілася постаць наводдаль,
прытаіўшы пужлівы агонь;
па дашчаных адхонах усходаў
з рыштаваньня сьпяшае Гафрон.
|