|
Вецер біўся, качаўся разьятраным зьверам,
бразгатаў у акно, акяніцамі ляпаў;
пазьляталі з прабояў дубовыя дзьверы
пад ударам ягонай вялізманай лапы.
Прахапіўся Яновіч, утомлены снамі:
быццам струны, напяты трывогаю нэрвы…
Ўсё імчацца, лятуць над палямі лясамі
бліскавіцы-маланкі, як коньнікі верхам.
Нагінаюцца долу стагоднія клёны,
мітусяцца натоўпы спалоханых сосен,
і нішто ня стрымае навалы шалёнай,
і ніхто сабе літасьці кроплі ня ўпросіць.
Толькі думы бунтуюць вялікасьцю ведаў
супроць гнеўнай і грознай і дзікай стыхіі.
— Пачакай, яшчэ прыдзе чарга да сусьвету:
перад большаю сілай ён голаву схіліць.
Мы прымусім навалу мільённаю воляй
пакарыцца разумнай, разважлівай думцы,
і ня будуць вятры-скавышы ў чыстым полі
бунтаваць, узьнімаць і чыніць рэволюцый.
|