Старонка:Апошні з магікан.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

варскай мове; пасля сканчэння гутаркі кожны з іх спакойна заняў сваё месца, рыхтуючыся выканаць намечаны план.

З таго часу, як асаджаныя заўважылі воіна, які хаваўся сярод галін, яго стрэлы сталі мала дзейнымі, бо, ледзь толькі ён паказваўся з-пад прыкрыцця, стрэльбы ворагаў пагражалі яму; усё-ж яго кулі іншы раз падалі сярод людзей, якія прытаіліся. Мундзір Хейварда быў прабіт у некалькіх месцах. Адзін рукаў яго запляміла кроў, якая пацякла з лёгкай раны.

Нарэшце, падбадзёраны цярплівым чаканнем ворагаў, гурон паспрабаваў лепш прыцэліцца. Быстрыя позіркі Чынгачгука і Ункаса зараз-жа злавілі яго намеры. Скрозь рэдкае лісце ў некалькіх дзюймах ад ствала дуба мільганулі ногі дзікуна, і стрэльбы магікан умомант стрэлілі. Гурон прысеў, і ўсё яго цела паказалася з-пад прыкрыцця. З быстрынёй думкі Сакалінае Вока скарыстаў гэта і стрэліў з сваёй фатальнай стрэльбы. Лісцё дуба заварушылася; стрэльба гурона звалілася з вышыні, і пасля кароткай дарэмнай барацьбы цела дзікуна закалыхалася ў паветры, хоць ён усё яшчэ ў роспачы чапляўся за аголены сук дрэва.

— У імя літасці пусціце ў яго кулю! — усклікнуў Дункан, з жахам адводзячы позірк ад няшчаснага.

— Не патрачу ні адной парашынкі, — цверда сказаў Сакалінае Вока. — Ён усёроўна загінуў, а ў нас няма лішняга пораху; між тым бой з індзейцамі іншы раз працягваецца па некалькі дзён.