Старонка:Апошні з магікан.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а на смерць: пытанне было ў тым, хто з праціўнікаў скіне другога з галавакружальнай вышыні. З кожнай хвілінай яны набліжаліся да кручы; тут трэба было зрабіць канчатковае, апошняе намаганне. Абодва ўклалі ўсю сваю адвагу ў гэтае намаганне, і абодва, хістаючыся, спыніліся над прорвай. Хейвард адчуў, як пальцы дзікуна сціскаюць яго горла, душаць, бачыў злосную ўсмешку гурона, які спадзяваўся ўцягнуць з сабой у прорву ворага і прымусіць яго раздзяліць з ім свой страшны лёс. Цела маёра павольна паддавалася страшэннай сіле чырвонаскурага, але раптам перад вачыма Хейварда мільганула цёмная рука, бліснуў нож. Пальцы гурона ўмомант расчапіліся, кроў хлынула з перарэзаных сухажылляў яго пясці, і ратавальныя рукі Ункаса адцягнулі Дункана ад краю прорвы. Але малады маёр, як зачараваны, усё яшчэ бачыў перад сабой страшны твар індзейца, які пакаціўся ў прорву.

— Пад прыкрыццё! — закрычаў Сакалінае Вока, які толькі што перамог свайго праціўніка.

— Калі вам дорага жыццё, схавайцеся за каменні. Справа яшчэ далёка не скончана.

З горла маладога магікана вырваўся пераможны крык, і ён разам з Дунканам шпарка ўзбег на адкос, з якога маёр спусціўся перад пачаткам бою; абодва зніклі сярод каменняў і кустоў.


РАЗДЗЕЛ VIII

Перасцярога разведчыка была своечасовай. Пакуль адбывалася апісаная намі барацьба, ні чалавечы голас, ні шум крокаў не парушалі адна-