Старонка:Апошні з магікан.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нае вока і добры прыцэл; толькі пры такіх умовах стрэльба пакажа ўсе свае перавагі. Я лічу, што майстры зброі дрэнна ведаюць сваё рамяство, калі вырабляюць кароткія стрэльбы і кавалерыйскія…

Ціхі, але выразны ўсклік Ункаса спыніў яго гутарку.

— Бачу, бачу, друг, — казаў Сакалінае Вока, — яны рыхтуюцца да нападу, а то не сталі-б падымаць над бярвеннямі сваіх спін. Ну, і вельмі добра, — дадаў ён, аглядаючы сваю стрэльбу. — Першы з іх, вядома, сустрэне верную смерць, няхай гэта будзе хоць сам Манкальм.

З лесу данёсся новы выбух дзікіх крыкаў, і па гэтаму сігналу чатыры дзікуны выскачылі з-за прыкрываўшых іх бярвенняў. Чаканне было настолькі пакутным, што Хейвард адчуў палкае жаданне кінуцца ім насустрач, але яго спыніў спакой Ункаса і разведчыка. Гуроны пераскочылі цераз чорныя грады скал, якія ўзвышаліся перад імі, і з дзікім выццём кінуліся наперад.

Калі яны апынуліся на адлегласці некалькіх сажняў ад разведчыка і яго таварышоў, стрэльба Сакалінага Вока павольна ўзнялася над кустамі, і з доўгага ствала вылецела ракавая куля. Пярэдні гурон падскочыў, як падстрэлены алень, і зваліўся паміж кручамі.

— Цяпер, Ункас, твая чарга, — загадаў Сакалінае Вока і, бліскаючы вачыма, выняў, з-за пояса свой доўгі нож. — Апошні з гэтых д’яблаў, твой; з астатнімі справімся мы; пра іх не клапаціся.