Старонка:Апошні з магікан.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гляд. Пакуль атрад быў паблізу лагера, твары пакідаўшых яго воінаў мелі горды і ваяўнічы выгляд. Але гукі ваеннай музыкі сталі замаўкаць удалечыні; урэшце, зусім сталі нячутнымі для тых, хто астаўся ў лагеры. Лес сышоўся, хаваючы ад вачэй атрад.

Цяпер вецер не даносіў да слухачоў нават самых гучных, праразлівых гукаў; апошні воін знік у гушчары лесу.

Тым не менш, мяркуючы па ўсім, што рабілася перад самым вялікім і зручным з афіцэрскіх баракаў, яшчэ нехта рыхтаваўся ў дарогу. Перад домікам Вэба стаяла некалькі прыгожа асядланых коней; два з іх, як відаць, прызначаліся для жанчын высокай годнасці, якія не часта сустракаліся ў гэтых лясах. У сядле трэцяга каня відаць былі афіцэрскія пісталеты; астатнія коні, мяркуючы па прастаце аброцей і сёдлаў і прывязаных да іх клункаў, належалі ніжэйшым чынам. Сапраўды, зусім ужо гатовыя да ад’езду радавыя, як відаць, чакалі толькі загаду начальніка, каб ускочыць у сёдлы. На некаторай адлегласці стаялі групы бяздзейных гледачоў; адны з іх з задавальненнем глядзелі на афіцэрскага каня чыстай пароды, другія з тупою дапытлівасцю сачылі за падрыхтаваннямі да ад’езду. Аднак, сярод гледачоў быў адзін чалавек, манеры і асанка якога вылучалі яго з ліку астатніх.

Яго фігура не была занадта непрыгожай, а між тым здавалася вельмі нязграбнай. Калі гэты чалавек стаяў, ён быў вышэй астатніх людзей; затое седзячы ён нібы сціскаўся, робячыся не буйней-