Старонка:Апошні з магікан.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзяўчаты ўбачылі, што разведчык зноў сеў над патухаючымі вуглямі, апусціўшы твар на рукі, і, як відаць, увесь паглыбіўся ў раздум’е аб незразумелым гуку, які спыніў вячэрнія спевы.

Хейвард захапіў з сабой палаючую хваёвую галінку, і гэты факел слаба асвятліў вузкую пячору, дзе дзяўчатам трэба было правесці ноч. Дункан умацаваў свой свяцільнік у шчыліне каменя і падышоў да сясцёр; яны асталіся з ім адзін на адзін у першы раз пасля ад’езду з форта Эдуард.

— Не пакідайце нас, Дункан, — папрасіла яго Аліса, — мы не заснем у гэтым страшным месцы, асабліва цяпер, калі незразумелы і жахлівы енк усё яшчэ гучыць у нас у вушах.

— Перш за ўсё агледзім, ці дастаткова надзейная наша крэпасць, — адказаў Хейвард, — а потым пагаворым аб астатнім.

Ён прайшоў у самы аддалены кут пячоры, да выхаду, таксама завешанаму цяжкай коўдрай, і, адсунуўшы яе, удыхнуў на поўныя грудзі свежы, бадзёры вецер, які дзьмуў ад вадападаў. Бліжэйшы рукаў ракі працякаў па вузкай глыбокай цясніне, прамытай цячэннем у мяккім камені. Вада неслася ля самых ног маладога афіцэра і, як яму здавалася, утварала вельмі добрую абарону з гэтага боку. Вышэй рака, спадаючы са скал, слізгала і, клакочучы, накіроўвалася струменямі.

— Прырода стварыла неадольную перашкоду з гэтага боку, — казаў ён, паказаўшы на чорны паток пад кручай, і апусціў заслону, — і вы вельмі