Старонка:Апошні з магікан.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

загаварваць з сёстрамі, каб звярнуць іх увагу. І кожны раз у такіх выпадках ён гаварыў па-англійску, праўда на ламанай мове, але ўсё-ж зразумела. Яго глыбокі, гартанны голас надаваў асаблівую музычнасць англійскім словам. Кора і Аліса перакінуліся з ім некалькімі фразамі, і дзякуючы гэтаму між імі ўстанавілася нешта, падобнае на таварыскія адносіны.

Нішто не парушала важнага спакою Чынгачгука; ён сядзеў паблізу светлага круга, акрэсленага полымем вогнішча, і трывожныя позіркі яго гасцей маглі цяпер адрозніць натуральны выраз яго твара ад штучных жахаў ваеннай расфарбоўкі. Люты твар Чынгачгука цяпер ззяў святлом яснага спакою. Наадварот, Сакалінае Вока быў надзвычай непакойным. Бадзёры позірк разведчыка ўвесь час блукаў, не спыняючыся ні на момант. Ён еў і піў са здавальненнем, але яго пільная асцярожнасць ні на хвіліну не пакідала яго. Разоў дваццаць фляга або кавалак смажанага мяса заміралі ў руцэ паляўнічага, і ён паварочваў галаву то ў адзін, то ў другі бок, нібы прыслухоўваючыся да аддаленых шумаў.

— Прыяцель, — загаварыў Сакалінае Вока, вымаючы з-пад лісця невялікую бочачку з віном і звяртаючыся да спевака, які на справе аднёсся з належнай увагай да яго поварскага майстэрства, — пакаштуйце вось гэтага вінаграднага соку; ён прагоніць усе вашыя думкі пра жарабя і падбадзёрыць вашу душу. Я п’ю за нашу дружбу і спадзяюся, што бедная канячынка не з’явіцца прычынай нянавісці паміж намі. Як ваша імя?