Старонка:Апошні з магікан.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

месцы белая, як снег, у другім здаецца травяніста-зялёнай; то цурчыць і спявае, як спакойны ручай, то раптам пачынае круціцца вадаваротам і точыць каменныя скалы, як мяккую гліну. Так, лэдзі, тонкая тканіна, якая павуцінкай абвівае вашу шыю, будзе здавацца грубым невадам у параўнанні з узорамі рачных струменяў. Пасля таго, як рака набушуецца ўволю, яна спакойна цячэ далей, каб зліць свае воды з марской хваляй.

Такое апісанне Гленскіх вадападаў надало падарожнікам упэўненасць у недаступнасці іх сховішча, і яны пачалі з захапленнем аглядаць дзікую прыгожасць гэтага месца. Потым усе вырашылі заняцца неабходнай, хоць і больш нізкай справай — вячэрай.

Ункас рабіў для Коры і Алісы ўсе паслугі, якія толькі былі ў яго сілах.

Сумесь гордасці і ветлівасці на яго твары забаўляла Хейварда, які ведаў, што такая ўслужнасць — не ў звычаях індзейцаў. Аднак, правілы гасціннасці лічыліся свяшчэннымі, а таму нязначнае адступленне ад строгіх законаў воінскага гонару, не выклікала, як відаць, ганьбавання з боку Чынгачгука.

Пры гэтым уважлівы назіральнік мог-бы заўважыць, што Ункас не зусім аднолькава адносіцца да маладых дзяўчат; напрыклад, падаючы Алісе флягу з вадой або кавалак дзічыны на драўляным сподку, ён толькі захоўваў ветлівасць; робячы-ж падобныя паслугі яе цёмнавалосай сястры, малады магікан глядзеў даўгім позіркам на прыгожы, выразны твар Коры. Разы два яму прышлося