Старонка:Апошні з магікан.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён размясціўся на карме і стаяў так проста, так цвёрда, быццам пад яго нагамі была палуба вялікага карабля, зробленага не з кары дрэва, а са значна больш трывалага матэрыялу. Індзейцы асцярожна адышлі ўбок. Сакалінае Вока з сілай упёрся шастом у прыбярэжную скалу і адштурхнуў човен ад берагу на сярэдзіну шалёнага патока. Некалькі мінут ішла лютая барацьба паміж зыб’ю вады, выкліканай рухам чаўна, і быстрым адваротным цячэннем. Пасажыры з надзвычайным напружаннем пазіралі на ваду, баючыся варухнуць рукой або ўздыхнуць глыбей, каб не перакуліць кволага чаўна.

Разоў дваццаць ім здавалася, што вір зацягне іх да пагібелі, але ўмелая рука кармовага лёгка накіроўвала і павяртала човен. Быстрае, і як маладым дзяўчатам здалося, роспачнае намаганне паляўнічага вырашыла справу. Якраз у той момант, калі Аліса з жахам заплюшчыла вочы, думаючы, што вір пацягне іх да падножжа вадапада, човен мінуў гладкі, плоскі камень, які ледзь высоўваўся з вады.

— Дзе мы? І што рабіць далей? — запытаў Хейвард, зразумеўшы, што Сакалінае Вока дасягнуў сваёй мэты.

— Гэта Глен, — моцна адказаў разведчык, ведаючы, што пры грукаце вады яму няма чаго паніжаць голас. — Перш за ўсё нам трэба ўмела прыстаць да берагу, каб не перакуліць чаўна, а то вы зноў паплывеце ўніз па дарозе, якая асталася ззаду, але, вядома, панясецеся па ёй шпарчэй,