Старонка:Апошні з магікан.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

імя вашых сяброў; у адваротным выпадку мы не дапаможам вам і толькі пашкодзім сабе.

— Скажыце, якіх абяцанняў вы патрабуеце?

— Першае: што-б ні здарылася, — маўчыце; другое: захавайце ў сакрэце ад усіх, дзе знаходзіцца сховішча, у якое мы вас адвядзем.

— Я выканаю вашы ўмовы.

— Тады за мной; мы дарма трацім час, такі-ж каштоўны для нас, як для раненага кроплі крыві яго сэрца.

Хейвард шпарка накіраваўся да сваіх спадарожнікаў, каротка растлумачыў Коры і Алісе, хто іх новы праваднік, і дадаў, што яны павінны адкінуць усякую трывогу. Хоць паведамленне Хейварда напоўніла страхам сэрцы сясцёр, яго сур’ёзны і рашучы тон, а можа, таксама думка пра грозную небяспеку надалі дзяўчатам сілы падрыхтавацца да нейкай неспадзяванай і не звычайнай бяды; маўкліва і не марудзячы яны пры дапамозе Дункана саскочылі з сёдлаў і вельмі хутка спусціліся да ракі.

Сакалінае Вока моўчкі, жэстамі, запрасіў туды ўсіх астатніх.

— А што рабіць з коньмі? — прамармытаў ён. — Калі мы зарэжам іх і трупы кінем у раку, мы затрацім час; пакінуўшы-ж коней тут, ясна пакажам мінгам, што гаспадары коней недалёка.

— У такім выпадку адпусціце іх у лес, — прапанаваў Хейвард.

— Не, лепш ашукаць ворага; няхай яны падумаюць, быццам ім трэба гнацца за намі бягом.