Старонка:Апошні з магікан.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ V

Тое, што праваднік-індзеец раптам уцёк, дзікія крыкі яго праследавальнікаў, шум і ўзрушэнне — усё гэта разам ашаламіла Хейварда; на момант ён аслупянеў, потым, успомніўшы пра неабходнасць злавіць бегляца, кінуўся ў кусты, якія акружалі маленькую паляну, і пабег у лес на дапамогу праследавальнікам. Аднак, не прайшоў ён і сотні ярдаў, як наткнуўся на паляўнічага і яго двух сяброў, якія вярталіся, не злавіўшы ўцекача.

— Чаму вы так хутка страцілі надзею на поспех? — запытаўся іх Дункан. — Вядома, гэты злодзей схаваўся дзе-небудзь у гушчары, і яго можна злавіць. Пакуль ён на волі, нам пагражае небяспека.

— Хіба хмара можа дагнаць вецер? — адказаў Сакалінае Вока. — Я чуў, як гэты чорт шамацеў у сухім лісці, паўзучы, нібы чорная змяя. Я бачыў яго вунь за той хвояй і пусціў у яго кулю… Куды там! А між тым я добра прыцэліўся і магу сказаць, што ў гэтых справах я майстар. Зірніце на тое дрэва; яго лісце чырвонае. Але ўсякі ведае, што ў ліпені яно цвіце жоўтым колерам!

— Гэта кроў Лісіцы; ён ранены, значыць, паваліўся.

— Не, не, — рашуча адказаў паляўнічы. — Я толькі закрануў яго, і ён уцёк. Куля стрэльбы, якая толькі злёгку драпане, — гэта тыя-ж шпоры: яна прымушае бегляца паскорыць свой бег, ажыўляючы яго цела, замест таго, каб пазбавіць яго жыцця. Але скокнуўшы некалькі разоў, бяглец спыніцца.