Старонка:Апошні з магікан.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

момант не спыняліся на якім-небудзь адным асобным прадмеце, хоць твар яго быў нерухомы.

Маёр не ведаў, на што адважыцца; між тым Лісіца ўстаў, але так павольна і асцярожка, што пры гэтым не пачулася ніякага шолаху. Хейвард адчуў, што яму трэба пачаць дзейнічаць; ён перакінуў нагу цераз сядло і скокнуў з каня, цвёрда вырашыўшы схапіць здрадніка, ва ўсім астатнім спадзеючыся на сваю сілу і смеласць. Аднак, не жадаючы без патрэбы палохаць сваіх спадарожніц, маёр усё-ж паспрабаваў захаваць вонкавы спакой і па-сяброўску звярнуўся да Магуа.

— Хітрая Лісіца не есць, — сказаў ён, называючы індзейца тым імем, якое яму, як відаць, асабліва падабалася. — Яго хлебныя зерні недастаткова падсмажаны і жорсткія? Дай, вось, я пагляджу; можа ў маіх запасах знойдзецца што-небудзь па яго густу.

Магуа падаў маёру сваю сумку, як відаць, жадаючы скарыстаць прапанову афіцэра. Іхныя рукі сустрэліся; пры гэтым індзеец не выказаў ніякага замяшання, і яго напружаная ўвага не аслабела ні на момант. Але, калі ён адчуў, што пальцы Хейварда ціха слізнулі па яго аголенаму локцю, ён адкінуў руку маёра, праразліва ўскрыкнуў, выкруціўся і знік у гушчары. У наступную секунду з-за кустоў з’явілася фігура Чынгачгука, расфарбоўка якога надавала індзейцу выгляд шкілета. Магікан кінуўся за скараходам. Пачуліся крыкі Ункаса. Бліснуў агонь; і ўслед за ім прагрымеў стрэл паляўнічай стрэльбы.