Старонка:Апошні з магікан.pdf/490

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нам за імі і дагледзець, каб яе пахавалі па-хрысціянску?

Мунро ўздрыгануўся. Зірнуўшы навакол сябе паспешным трывожным позіркам, ён устаў і пайшоў за скромнай працэсіяй. Сябры акружылі яго з выразам гора, якое было занадта вялікім для таго, каб назваць яго проста спачуваннем. Нават малады француз, глыбока ўсхваляваны ранняй, сумнай канчынай такой прыгожай дзяўчыны, прыняў удзел у працэсіі. Але калі апошняя жанчына племя далучылася да пахавальнай працэсіі, мужчыны ленапы самкнулі зноў свой круг перад Ункасам, як раней, маўклівыя, урачыстыя, нерухомыя.

Месца, выбранае для магілы Коры, аказалася невялікім узгоркам, на якім расла група маладых хвой, утвараўшых пануры цень. Дайшоўшы да гэтага месца, дзяўчаты знялі цела і паклалі яго на зямлю. Тады разведчык, які толькі адзін быў знаёмы з іх звычаямі, сказаў на дэлаварскай мове:

— Дочкі мае зрабілі добра; белыя людзі ўдзячны ім.

Дзяўчаты, узрадаваныя пахвалай, паклалі цела ў труну, па-майстэрску зробленую з бярозавай кары, і затым апусцілі яе ў змрочнае апошняе жыллё. Таксама-ж проста і маўкліва яны засыпалі магілу, прыкрыўшы свежую зямлю лісцем і кветкамі. Але калі добрыя стварэнні скончылі сваю сумную справу, яны спыніліся, паказваючы гэтым, што не ведаюць, што ім трэба рабіць далей. Разведчык зноў звярнуўся да іх.