Старонка:Апошні з магікан.pdf/472

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падзейнічаў гэты стрэл на гуронаў надзвычайна. Даведзеныя да роспачы нападам з тылу воіны адразу рассеяліся, не думаючы ні аб чым, апрача таго, каб уцячы. Многія з іх загінулі пад кулямі і ўдарамі дэлавараў.

Мы не будзем спыняцца на спатканні разведчыка з Чынгачгукам або на яшчэ больш чуллівай сустрэчы Хейварда з Мунро. Дастаткова было некалькіх кароткіх, паспешна сказаных слоў, каб растлумачыць становішча абодвух атрадаў. Потым Сакалінае Вока паказаў свайму атраду на Сагамора і перадаў галоўнае кіраўніцтва ў рукі правадыра магікан. Чынгачгук узяў на сябе камандаванне з велічнай ганарлівасцю. Ён загадаў атраду пайсці назад праз гушчар; на раўніне, дзе было дастаткова дрэў для прыкрыцця, ён даў загад спыніцца.

Наперадзе глеба апускалася даволі крута, і перад вачыма дэлавараў адкрывалася вузкая, цёмная лясістая цясніна, якая цягнулася некалькі міль. У гэтым густым лесе Ункас усё яшчэ змагаўся з галоўнымі сіламі гуронаў.

Магікан і яго сябры падышлі да краю абрыва і пачалі ўважліва прыслухоўвацца да шуму бітвы, які далятаў да іх. Некалькі птушак, спуджаных са сваіх гнёзд, ляталі над дрэвамі даліны; то тут, то там лёгкія клубы дыму ўзнімаліся над дрэвамі, паказваючы, дзе найбольш гарачая схватка.

— Поле бітвы, здаецца, пасоўваецца ўверх, — сказаў Дункан, кінуўшы ўбок, адкуль пачуўся новы залп стрэлаў, — і калі мы ўдарым на ворага