Старонка:Апошні з магікан.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праўду. — О, не зусім адзін, Магуа; з ім-жа мы, яго спадарожнікі!

— У такім выпадку, Хітрая Лісіца пойдзе ад вас, — сказаў індзеец і спакойна падняў з зямлі сваю сумку. — З бледнатварымі астануцца толькі людзі іх племені.

— Хітрая Лісіца пойдзе ад нас? Але каго ты называеш Хітрай Лісіцай, Магуа?

— Гэта імя далі Магуа яго канадскія бацькі, — адказаў скараход, і па яго твары было відаць, што ён ганарыцца дадзенай яму мянушкай. — Для Хітрай Лісіцы, калі Мунро чакае яго, ноч робіцца аднолькавай з днём.

— А што скажа Лісіца начальніку форта Уільям-Генры, калі стары запытае яго пра сваіх дачок? Ці асмеліцца ён сказаць начальніку, што яго дачкі асталіся без правадніка, хоць Магуа абяцаў ахоўваць іх?

— Праўда, у сівога начальніка гучны голас і доўгія рукі, але ў глыбіні лясоў Лісіца не пачуе яго крыку і не адчуе яго ўдараў.

— А што скажуць людзі твайго племені? Яны пашыюць для Лісіцы жаночае адзенне і загадаюць яму сядзець з жанчынамі, бо яму нельга больш давяраць справы мужных воінаў.

— Хітрая Лісіца ведае дарогу да вялікіх азёр, здолее ён знайсці і магілы сваіх бацькоў, — прагучэў адказ індзейца.

— Досыць, Магуа, досыць, — сказаў Хейвард. — Хіба мы з табою не сябры? Навошта нам гаварыць адзін аднаму нядобрыя і крыўдныя словы? Мунро абяцаў узнагародзіць цябе, калі ты выка-