Старонка:Апошні з магікан.pdf/466

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паколькі вам гэта ўдавалася да гэтага часу… — Маёр, у вас узведзены курок; дачасны стрэл будзе нам каштаваць дваццаці скальпаў, страчаных зусім дарэмна… — то вы можаце ісці за намі, спявак; вы можаце быць нам карысным сваімі крыкамі.

— Дзякуй вам, мой друг, — адказаў Давід, рыхтуючы для сваёй прашчы запас каменняў, — хоць я і не маю вялікай прагнасці забіваць, але быў-бы вельмі засмучаным, калі-б вы мяне не ўзялі.

— Памятайце, — сказаў разведчык, шматзначна пастукваючы на сваёй галаве па тым месцы, якое яшчэ не зажыло на галаве Гамута, — мы ідзем ваяваць, а не песні спяваць. Пакуль не пачуецца ваенны кліч, размаўляць павінны толькі стрэльбы.

Давід кіўнуў галавой, нібы даючы згоду на гэтыя ўмовы. Сакалінае Вока яшчэ раз уважліва агледзеў спадарожнікаў і даў знак ісці наперад.

Каля мілі дарога іх ішла ўдоўж ракі. Хоць абрывістыя берагі, укрытыя густымі кустамі, хавалі падарожнікаў, яны ўсё-ж ужылі ўсе перасцярогі, вядомыя індзейцам. З правага і левага боку ішлі, або, пэўней паўзлі воіны, якія пільна сачылі за лесам; цераз кожныя некалькі мінут атрад спыняўся, прыслухоўваючыся чуткім вухам, ці не пачуюцца якія-небудзь падазроныя гукі. Аднак, яны дайшлі зусім бесперашкодна да таго месца, дзе маленькая рака гублялася ў вялікай. Тут разведчык зноў спыніўся і пачаў азірацца навакол, каб аб чым-небудзь даведацца.

— Добры будзе дзянёк для бою, — сказаў ён па-англійску Хейварду, зірнуўшы на вялікія