Старонка:Апошні з магікан.pdf/465

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці ведаеце вы, друг мой, — сур’ёзна і з некаторым адценнем ганарлівасці ад усведамлення ўскладзенага на яго абавязку запытаў разведчык, — што гэта атрад адборных храбрацоў; ён знаходзіцца пад камандай чалавека, які не пакіне іх без справы? Быць можа, цераз пяць мінут і ўжо ніяк не больш, чым цераз поўгадзіны, мы будзем ісці па целах гуронаў, мёртвых або жывых.

— Хоць я і не ведаю вашых намераў, — адказаў Давід, твар якога крыху зачырванеўся, а звычайна спакойныя, невыразныя вочы гарэлі незвычайным агнём, — але я падарожнічаў доўгі час з дзяўчынай, якую вы шукаеце; мы перажылі разам шмат радасцей і гора. Цяпер я, хоць і не ваяўнічы чалавек, з радасцю гатоў апаясаць сябе мячом і ўступіць у бой за яе.

Разведчык вагаўся, нібы раздумваючы, ці варта прымаць такога дзіўнага валанцёра.

— Вы не ўмееце абыходзіцца са зброяй, — нарэшце, сказаў ён.

— Вядома, я — не выхвальны, крывяжэрны Галіяф, — прамовіў Давід, выцягваючы прашчу з-пад свайго стракатага, агіднага адзення, — але, быць можа, і слабы Давід будзе вам карысным. У дні маёй юнасці я многа практыкаваўся з прашчой і, напэўна, не зусім развучыўся абыходзіцца з ёю.

— Так, — сказаў Сакалінае Вока, холадна пазіраючы на рамень і прашчу, — гэтая штука, бадай, спатрэбілася-б супроць стрэл і нават нажоў; але французы забяспечылі кожнага мінга добрай стрэльбай. Між іншым, вы маеце асаблівую здольнасць аставацца непашкоджаным сярод агню, а