Старонка:Апошні з магікан.pdf/464

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

галоўнай задачай разведчыка, — вельмі падабаецца. Паспрабуем яго безадкладна.

Пасля кароткага, але сур’ёзнага абмеркавання план быў прыняты і паведамлены розным часткам атрада; устаноўлены былі пэўныя сігналы, і правадыры разышліся, кожны на ўказанае яму месца.


РАЗДЗЕЛ ХХХІІ

Калі сябраўся ўвесь маленькі атрад Сакалінага Вока, разведчык узяў стрэльбу і, даўшы знак ісці за ім, павярнуў на некалькі дзесяткаў футаў назад да ракі, якую яны толькі што перайшлі. Тут ён спыніўся, пачакаў, пакуль вакол яго сабраліся воіны, і запытаў на дэлаварскай мове:

— Ці ведае хто-небудзь з маладых людзей, куды цячэ гэтая рака?

Адзін з дэлавараў выцягнуў руку і, паказаўшы, як два пальцы злучаюцца ля далоні, адказаў:

— Перш чым сонца пройдзе свой шлях, малыя воды сальюцца з вялікімі.

— Я так і думаў, — сказаў разведчык, гледзячы на прасветы паміж верхавінкамі дрэў, — мяркуючы па напрамку ракі, а таксама па размяшчэнню гор. Мы будзем ісці пад прыкрыццём гэтых берагоў да таго часу, пакуль не ўбачым гуронаў.

Воіны адказалі звычайным кароткім усклікам, які азначаў згоду, але, заўважыўшы, што правадыр збіраецца ўжо стаць на чале атрада, зрабілі знак, што не ўсе яшчэ гатовы. Сакалінае Вока, які вельмі добра ведаў значэнне гэтых позіркаў, азірнуўся і ўбачыў, што ззаду атрада ідзе настаўнік спеваў.