Старонка:Апошні з магікан.pdf/451

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ні аднаго недахопу, які мог-бы прымусіць пачырванець самага ганарлівага з людзей. Яна прыгожая… О, вельмі прыгожая! — дадала яна, з любоўю і смуткам кладучы смуглую руку на мармуровы лоб Алісы і адкідаючы залатыя валасы, якія спадалі на вочы маладой дзяўчыны. — А яе душа чыстая і беласнежная. Я магла-б сказаць шмат чаго… але пашкадую і вас, і сябе… — Голас яе замёр, яна нахілілася над сястрой. Пасля доўгага, гаротнага пацалунку яна ўстала і са смяротна бледным тварам, але без малейшай слязінкі ў ліхарадкава палаючых вачах, павярнулася да дзікуна і сказала з ранейшым ганарыстым выглядам. — Ну, цяпер я гатова ісці, калі вы хочаце.

— Так, ідзі адсюль, — крыкнуў Дункан, перадаючы Алісу на рукі індзейскай дзяўчыне, — ідзі, Магуа, ідзі! У дэлавараў ёсць свае законы, якія забараняюць утрымліваць цябе, але я… я не абавязаны падпарадкоўвацца ім. Ідзі адсюль, лютае страшыдла, — чаго-ж ты марудзіш?

Цяжка апісаць выраз, з якім Магуа слухаў словы маладога чалавека. Спачатку на твары яго мільганула зларадаснасць, але ў наступны момант яна змянілася заўсёдным халодным, хітрым выразам.

— Лес вольны для ўсіх, — адказаў ён. — Шчодрая Рука можа ісці туды.

— Пачакайце! — крыкнуў Сакалінае Вока, хапаючы Дункана за руку і гвалтоўна ўтрымліваючы яго. — Вы не ведаеце каварства гэтага д’ябала. Ён завядзе вас у засаду, і ваша смерць…