Старонка:Апошні з магікан.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

раіліся аб нечым. Мяркуючы па рухах рук белага паляўнічага, які часта паказваў на маладое дрэўца, што ўзнімалася над кустамі, ён, відавочна, гаварыў пра здрадніка. Яго таварышы хутка здагадаліся, чаго ён ад іх хоча, і, паклаўшы свае стрэльбы, зніклі ў гушчары; адзін пайшоў направа, другі — налева. Яны хаваліся ў гушчары і прабіраліся праз кусты зусім бясшумна.

— Цяпер вярніцеся да вашых спадарожніц, — звяртаючыся да маёра, сказаў Сакалінае Вока, — і загаварыце з індзейцам. Магікане схопяць яго, не папсаваўшы нават яго расфарбоўкі.

— Не, — горда адказаў Дункан, — я сам хачу яго схапіць.

— Ну, скажыце, што зробіце вы, седзячы на кані, калі вашым праціўнікам акажацца індзеец, які слізгае сярод кустоў?

— Я сыйду з каня.

— А вы думаеце, што, убачыўшы, як вы вызваляеце з стрэмя адну нагу, ён будзе стаяць і цярпліва чакаць, каб вызвалілася і другая? Усякі, хто прыходзіць у гэтыя лясы і збіраецца мець справу з туземцамі, павінен пераняць звычаі індзейцаў, калі хоча мець удачу. Дык вось, наперад. Пагаварыце з гэтым злодзеем і зрабіце выгляд, быццам вы лічыце яго верным прыяцелем.

Прапанова разведчыка не спадабалася Хейварду, але ён вырашыў падпарадквацца, бо з кожнай хвілінай у ім узмацнялася ўсведамленне небяспекі. Сонца знікла, і густыя цені надавалі лесу пануры выгляд. Абрысы дрэў расплываліся, і цемра ясна напамінала Дункану, што набліжа-