Старонка:Апошні з магікан.pdf/448

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таго, як ападзе ўсё лісцё, — з умовай, што ты адпусціш дзяўчыну.

Магуа адмоўна паківаў галавой і зрабіў натоўпу знак расступіцца…

— Ну добра, — дадаў разведчык з выглядам чалавека, які яшчэ не прышоў да канчатковага рашэння, — я дабаўлю яшчэ «аленебой». Павер слову вопытнага паляўнічага, гэтая стрэльба не мае сабе роўнай.

Магуа адказаў маўчаннем на гэтую прапанову і ўсё намагаўся, каб рассунуць натоўп.

— Быць можа, — сказаў разведчык, трацячы сваю напускную спакойнасць, — быць можа, калі-б я згадзіўся навучыць вашых воінаў, як абыходзіцца з гэтай стрэльбай, ты змяніў-бы сваё рашэнне?

Магуа зноў загадаў расступіцца дэлаварам, якія па-ранейшаму акружалі яго шчыльным кальцом, спадзеючыся, што ён згодзіцца на мірную прапанову.

— Чаму суджана быць, тое павінна здарыцца раней або пазней, — казаў Сакалінае Вока, звяртаючыся да Ункаса з сумным, пакорлівым выглядам. — Нягоднік ведае сваю перавагу і скарыстоўвае яе! Няхай благаславіць цябе бог, хлопчык; ты знайшоў сабе сяброў сярод свайго роднага племя; я спадзяюся, што яны будуць такімі-ж адданымі табе, як я. Што датычыць мяне, то, рана ці позна, я павінен памерці: і вялікае шчасце, што мала хто будзе плакаць па мне. Гэтым чарцям, як відаць, усё-ж такі ўдасца завалодаць маім скальпам, а днём раней, днём пазней — гэта не мае значэння.