Старонка:Апошні з магікан.pdf/446

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яна гаворыць на мове свайго народу, — адказаў Магуа, гледзячы з сумнай іроніяй на сваю афяру. — Яна з роду гандляроў і таргуецца з-за ласкавага позірку. Няхай Таменунд скажа, што трэба.

— Вазьмі за яе выкуп, а ад нас пажаданне табе шчасця.

— Я не вазьму нічога, апрача таго, што прынёс сюды.

— Ну, дык ідзі з тым, што належыць табе. Вялікі Маніта забараняе дэлавару быць несправядлівым.

Магуа падскочыў да сваёй палонніцы і з сілай схапіў яе за руку вышэй пясці. Дэлавары адступілі ў поўным маўчанні, і Кора, нібы ўсведамляючы, што ўсякія просьбы будуць дарэмнымі, падрыхтавалася беспярэчна падпарадкавацца свайму лёсу.

— Пачакай, спыніся! — крыкнуў Хейвард, выбягаючы наперад. — Злітуйся, гурон! За яе дадуць такі выкуп, што ты зробішся першым багацеем у тваім племі.

— Магуа — чырвонаскуры; ён не адчувае патрэбы ў бразгушках бледнатварых.

— Золата, серабро, порах, свінец — усё, што патрэбна воіну, будзе ў тваім вігваме, усё, што неабходна вялікаму правадыру.

— Хітрая Лісіца вельмі моцная! — крыкнуў Магуа, шалёна трасучы рукой, у якой трымаў руку пакінуўшай супраціўляцца Коры. — Помста ў яго руках.