Старонка:Апошні з магікан.pdf/445

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А жанчына, якую мінг прывёў у мой лагер? — строга паўтарыў Таменунд.

— Яна мая! — крыкнуў Магуа, пераможна трасучы рукой перад Ункасам. — Магікан, ты ведаеш, што яна мая!

— Мой сын маўчыць, — сказаў Таменунд, стараючыся прачытаць выраз твара юнака.

— Гэта праўда, — ціха адказаў Ункас.

Надышоў кароткі, красамоўны перапынак, у часе якога ясна было, як неахвотна натоўп прызнаваў справядлівасць патрабавання мінга. Нарэшце, мудрэц, якому аднаму належала права рашэння, сказаў цвёрдым голасам:

— Ідзі адсюль, гурон.

— А як ён пойдзе, справядлівы Таменунд, — запытаў каварны Магуа, — з палоннай ці без яе? Вігвам Хітрай Лісіцы пусты. Падтрымай яго, аддаўшы тое, што належыць.

Стары сядзеў некаторы час у глыбокім раздум’і; потым ён нахіліў галаву да аднаго з сваіх паважных таварышоў і запытаў:

— Гэты мінг — адзін з правадыроў свайго племя?

— Першы сярод сваіх супляменнікаў.

— Чаго-ж ты хочаш, дзяўчына? Вялікі воін бярэ цябе як жонку; ідзі, твой род не спыніцца.

— Лепш, у тысячу разоў лепш, каб ён спыніўся, — ускрыкнула ахопленая жахам Кора, — чым цярпець такую знявагу!

— Гурон, яе душа ў палатках яе бацькоў. Няшчасная дзяўчына прынясе няшчасце ў вігвам.