Старонка:Апошні з магікан.pdf/442

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то знойдзем патокі, якія бягуць у вялікія азёры салодкай вады; магікан памрэ там, як паміраюць рыбы мора ў празрыстых крыніцах. Калі Маніта будзе гатоў, то скажа: «Ідзіце», і мы пойдзем па рацэ да мора і вернем сабе сваё. Вось, дэлавары, у што вераць дзеці Чарапахі. Нашы вочы накіраваны да ўзыходзячага сонца, а не да заходзячага. Мы ведаем, адкуль яно прыходзіць, але не ведаем, куды адыходзіць. Даволі.

Патомкі ленапаў слухалі словы Ункаса з той павагай, якая ўнушае забабонны страх. Ункас уважліва сачыў за сваімі слухачамі. Пераканаўшыся, што яго словы зрабілі выгоднае ўражанне, ён акінуў позіркам маўклівы натоўп, што абкружаў узвышша, на якім сядзеў Таменунд, і ўпершыню ўбачыў звязанага разведчыка. Ён прабраўся скрозь натоўп да свайго сябра, шпаркім, гнеўным рухам нажа перарэзаў рамні, якія звязвалі яго цела, і даў знак натоўпу расступіцца. Індзейцы падпарадкаваліся моўчкі і зноў самкнуліся ў круг, як да з’яўлення Ункаса. Ён узяў разведчыка за руку і падвёў яго да патрыярха.

— Бацька, — сказаў ён, — паглядзі на гэтага бледнатварага: гэта справядлівы чалавек, друг дэлавараў і граза макуасаў.

— Якое імя заслужыў ён сваімі подвігамі?

— Мы называем яго Сакаліным Вокам, — адказаў Ункас, называючы разведчыка яго дэлаварскай мянушкай, — таму што зрок ніколі не падводзіць яго. Многім ён вядомы сваёй вернай стрэльбай; яны завуць яго Доўгім Карабінам.