Старонка:Апошні з магікан.pdf/440

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ункас, сын Чынгачгука, — скромна адказаў палонны, адварочваючыся ад натоўпу і схіляючы галаву з павагі да асобы і ўзросту старога, — адзін з сыноў вялікай Унаміс, Чарапахі.

— Апошняя часіна Таменунда набліжаецца, — ускрыкнуў мудрэц. — Дзень, нарэшце, набліжаецца да ночы! Дзякую Маніта за тое, што тут ёсць той, хто зойме маё месца ля вогнішча нарад. Ункас, сын Ункаса, нарэшце, знойдзены! Дайце вачам паміраючага арла зірнуць на ўсходзячае сонца.

Юнак лёгка, але з ганарлівым выглядам, узбег на ўзвышша, адкуль быў відзён усяму ўзрушанаму здзіўленаму натоўпу. Таменунд не мог наглядзецца на яго, як відаць успамінаючы былыя дні шчасця.

— Ці не ператварыўся я ў юнака? — нарэшце прамовіў надзвычай здзіўлены стары. — Няўжо мне сніліся ўсе гэтыя зімы? Бачыў народ мой, рассеяны, як пясок, што гоніць вецер, бачыў інгізаў, больш шматлікіх, чым лісцё на дрэвах! Страла мая не спалохала-б лані; рука мая высахла, як галіна мёртвага дуба; слімак перагнаў-бы мяне ў бегу; а між тым перад мной стаіць Ункас, такі, якім быў я, калі выступаў на змаганне з бледнатварымі! Ункас, барс свайго племя, старшы сын ленапаў, мудрэйшы Сагамор магікан! Скажыце мне, дэлавары, няўжо Таменунд праспаў сто зім?

Глыбокае маўчанне, якое надышло пасля гэтых слоў, досыць ясна выказвала пачцівы трэпет, з якім народ прыняў словы патрыярха. Ніхто не