Старонка:Апошні з магікан.pdf/437

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хлуслівы дэлавар дрыжыць, баючыся пачуць словы Таменунда, — сказаў ён. — Гэты сабака вые, калі інгізы паказваюць яму след.

— А вы, — сказаў Ункас, азіраючыся навакол, — сабакі, якія вішчаць ад радасці, калі які-небудзь француз кідае вам аб’едкі свайго аленя!

Нажоў дваццаць бліснула ў паветры, і столькі-ж воінаў ускочыла на ногі пры гэтым колкім і, быць можа, заслужаным адказе; але жэст аднаго з правадыроў спыніў выбух іх злосці. У гэты час Таменунд зрабіў рух, які паказаў, што ён збіраецца гаварыць.

— Дэлавар, — сказаў ён, — ты мала варты свайго імя. Мой народ не бачыў яркага сонца на працягу многіх зім; а воін, які пакідае сваё племя, калі хмары навіслі над ім, — здраднік удвая. Закон Маніта справядлівы. Так павінна быць; пакуль цякуць рэкі і стаяць горы, пакуль кветкі на дрэвах з’яўляюцца і знікаюць, так павінна быць. Ён ваш, дзеці мае; рабіце з ім тое, што кажа закон.

Нішто не варушылася, усе затаілі дыханне і маўчалі, пакуль апошняе слова прыгавору не вылецела з вуснаў Таменунда. Тады выбухнуў моцны крык, які аб’яднаў усіх прысутных у адным пачуцці помсты, страшны крык, што апавясціў аб іх бязлітасных намерах. Сярод гэтых працяглых дзікіх крыкаў адзін з правадыроў абвясціў гучным голасам, што палонны прысуджваецца да катавання агнём. Круг разамкнуўся, і крыкі захаплення зліліся з шумам і мітуснёй падрыхтоўкі да катавання. Хейвард шалёна вырываўся з рук трымаўшых яго людзей; Сакалінае Вока азіраўся навакол