Старонка:Апошні з магікан.pdf/432

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Жанчына з ненавіснага табе племя інгізаў. Але жанчына, якая ніколі не рабіла зла табе і не магла-б, калі-б і захацела, зрабіць зло твайму народу. Яна просіць тваёй дапамогі.

— Скажыце мне, дзеці мае, — казаў далей патрыярх хрыплым голасам, звяртаючыся да навакольных, але не адрываючы вачэй ад Коры, якая стаяла на каленях, — дзе стаяць цяпер лагерам дэлавары?

— У горах іракезаў, за празрыстымі крыніцамі Гарыкана.

— Шмат разоў прыходзіла і адыходзіла спякотнае лета з таго часу, як я піў ваду маёй роднай ракі, — казаў мудрэц. — Белыя жыхары Гарыкана — самыя справядлівыя з белых людзей; але яны адчувалі смагу і ўзялі сабе раку. Няўжо яны хочуць праследаваць нас і тут, у нашым лагеры?

— Мы нікога не праследуем; нічога не дамагаемся, — адказала Кора. — Мы прыведзены да вас як палонныя і просім толькі дазволу адправіцца мірна да нашых родных. Хіба ты не Таменунд — бацька гэтага народу?

— Я Таменунд, прыгнечаны гадамі.

— Сем год таму назад адзін з тваіх воінаў трапіў у рукі белага правадыра на граніцы гэтых уладанняў. Ён сцвярджаў, што ён з роду добрага і справядлівага Таменунда. «Ідзі, — сказаў белы правадыр, — ты вольны, бо паходзіш з роду Таменунда». Ці памятаеш ты імя гэтага англійскага воіна?

— Я памятаю, калі я быў вясёлым хлопчыкам, — сказаў патрыярх са звычайнай для глыбокай