Старонка:Апошні з магікан.pdf/430

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта гаворыць вейандот, — сказаў Магуа, падыходзячы бліжэй да грубай пляцоўкі, на якой стаялі старыя, — друг Таменунда.

— Друг! — паўтарыў мудрэц, хмура насупіўшыся. У вачах яго з’явіўся суровы блеск, які рабіў іх такімі страшнымі, калі правадыр быў яшчэ ў росквіце сіл. — Хіба мінг кіруе зямлёй! Што прывяло сюды гурона?

— Жаданне справядлівасці. Яго палонны тут, у яго братоў, і ён прышоў за тым, што належыць яму.

Стары павярнуўся да аднаго з правадыроў, які падтрымліваў яго, і выслухаў яго кароткае растлумачэнне. Потым ён зірнуў на прасіўшага, некаторы час разглядваў яго з глыбокай увагай і, нарэшце, праказаў ціха і нібы нехаця:

— Правасуддзе — закон вялікага Маніта. Дзеці мае, накарміце чужаземца. А потым, гурон, вазьмі сваё і ідзі адсюль.

Выказаўшы гэтае ўрачыстае рашэнне, патрыярх сеў і зноў заплюшчыў вочы. Не знайшлося ні аднаго дэлавара, дастаткова смелага для таго, каб выказаць нараканне супроць гэтага прыгавору. Ледзь Таменунд абвясціў сваё рашэнне, чацвёра або пяцёра маладых воінаў сталі ззаду Хейварда і разведчыка і лоўка і быстра звязалі іх рукі рэмнямі. Магуа абвёў прысутных пераможным позіркам. Убачыўшы, што яго палонныя мужчыны не могуць супраціўляцца яму, ён перавёў свае вочы на тую, якой даражыў больш за ўсіх. Кора сустрэла яго позірк такім спакойным, цвёрдым позіркам, што рашымасць яго захіста-