Старонка:Апошні з магікан.pdf/428

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яму пра перажытыя ім знявагі, пра яго былую веліч, пра подвігі, славу, шчасце, пра яго страты, паражэнні, няшчасці? Хіба паміж гэтым народам няма таго, хто бачыў усё гэта і ведае, што гэта праўда? Я скончыў. Я маўчу, бо свінец сціскае мне сэрца. Я слухаю.

Калі голас прамоўцы раптам змоўк, усе твары і ўсе вочы накіраваліся на старога Таменунда. З той хвіліны, як ён сеў на сваё месца, і да гэтага моманту патрыярх не прамовіў ні слова. Згорблены ад слабасці і, як відаць, не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіцца, ён моўчкі сядзеў у часе ўсёй мітусні, якая так ярка выявіла майстэрства разведчыка. Пры гуках прыемна размеранага голаса гурона ён праявіў некаторыя адзнакі ўсведамлення і ўзняў разы два галаву, нібы прыслухоўваючыся да яго слоў. Але калі хітры Магуа назваў імя яго народу, стары зірнуў на натоўп з тым тупым, нічога не выказваючым выглядам, які прыпісваюць зданям. Ён зрабіў намаганне, каб устаць, і, падтрыманы правадырамі, якія стаялі каля яго, стаў на ногі ў велічнай позе, не гледзячы на тое, што хістаўся ад слабасці.

— Хто ўспамінае пра дзяцей Ленапа? — сказаў ён глыбокім, гартанным голасам, які прагучэў са страшэннай сілай дзякуючы магільнай цішыні, якая панавала ў натоўце. — Хто кажа пра тое, што мінула? Хіба з яйка не выходзіць чарвяк, з чарвяка муха, каб загінуць? Навошта казаць дэлаварам пра добрае мінулае? Лепш падзякаваць Маніта за тое, што асталося.