Старонка:Апошні з магікан.pdf/426

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дух, які стварыў людзей, даў ім розную афарбоўкуў, — пачаў хітры гурон. — Некаторыя з іх чарнейшыя за нязграбнага мядзведзя. Гэтыя павінны быць рабамі, і ён загадаў ім працаваць заўсёды, падобна да бабра. Вы можаце чуць іх стогны, калі дзьме паўднёвы вецер, стогны больш моцныя, чым рыканне буйвалаў; яны чуваць удоўж берагоў вялікага Салёнага возера, куды за імі прыходзяць вялікія лодкі і вывозяць іх натоўпамі. Некаторых ён стварыў з тварамі больш бледнымі чым лясны гарнастай; гэтым ён загадаў быць гандлярамі і ваўкамі для сваіх рабоў. Ён даў гэтаму народу крыллі голуба; крыллі, якія ніколі не стамляюцца лятаць; дзяцей больш, чым лісця на дрэвах, і прагнасць, гатовую праглынуць увесь сусвет. Ён даў ім голас, падобны да крыку дзікага каня; сэрцы, падобныя да заячых, хітрасць свінні (але не лісіцы) і рукі даўжэйшыя за ногі аленя. Сваёй мовай белы чалавек затыкае вушы індзейцам; хітрасць дапамагае яму збіраць багацці зямлі, а рукі яго захапляюць усю зямлю ад берагоў Салёнай вады да астравоў Вялікага возера. Вялікі Дух даў яму дастаткова, а ён хоча мець усё. Вось якія бледнатварыя.

Другіх людзей Вялікі Дух стварыў са скурай больш бліскучай і чырвонай, чым гэтае сонца, — гаварыў Магуа, выразна паказваючы ўверх на бледнае свяціла, праменні якога прабіваліся скрозь туманы на гарызонце. — Ён аддаў ім гэтую зямлю такой, якой стварыў яе — пакрытай травой, напоўненай дзічынай. Чырвонаскурыя дзеці