Старонка:Апошні з магікан.pdf/421

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Першым уражаннем ад такой дзіўнай падзеі было зачараванае здзіўленне. Затым сярод натоўпу прабег ціхі шэпт, які паступова ўзмацняўся. Некаторыя адкрыта выказвалі сваё захапленне перад такой непараўнанай лоўкасцю, але большасць была схільна думаць, што лоўкі стрэл быў простай выпадковасцю. Хейвард падтрымаў думку, якая была яму наруку.

— Гэта простая выпадковасць! — крыкнуў ён. — Нельга страляць, не прыцэліўшыся.

— Выпадковасць! — паўтарыў усхваляваны жыхар лясоў, не звяртаючы ўвагі на знакі, якія яму цішком рабіў Хейвард і прасіў, каб ён не выкрываў ашуканства. — Што-ж, і той ілгун-гурон лічыць гэта выпадковасцю? Дайце яму стрэльбу; пастаўце нас тварам да твару проста без усякіх выкрутаў, і няхай лёс і нашы ўласныя вочы вырашаць нашу спрэчку.

— Зусім зразумела, што гурон — ілгун, — спакойна сказаў Хейвард, — вы-ж самі чулі, што ён назваў вас Доўгім Карабінам.

Немагчыма сказаць, якія довады прывёў-бы ўпарты Сакалінае Вока, каб пасведчыць сваю асобу, калі-б зноў не ўмяшаўся стары дэлавар.

— Сокал, які спускаецца з воблакаў, можа вярнуцца, калі пажадае, — сказаў ён. — Аддайце ім стрэльбы.

На гэты раз разведчык прагна схапіў стрэльбу; Магуа, які рэўніва сачыў за ўсякім рухам стралка, не бачыў ужо прычыны для трывогі.

— Ну, дакажам цяпер перад усім племем дэлавараў, хто з нас лепшы стралок! — крыкнуў