Старонка:Апошні з магікан.pdf/420

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цам гэта была сітняковая трасцінка. — Так, гурон, я мог-бы цяпер забіць цябе, і ніякая зямная сіла не магла-б перашкодзіць гэтаму! Сокал, які лунае ў паветры, не больш упэўнены ў сваёй перамозе над горліцай, чым я ў тым, што мог-бы зараз прабіць табе сэрца куляй! І чаму-б мне не зрабіць гэтага? Чаму? Толькі таму, што гэтым я мог-бы выклікаць бяду на галовы далікатных, нявінных стварэнняў!

Палаючы твар разведчыка, гнеўны позірк, фігура, якая выпрасталася на ўвесь рост — усё гэта выклікала пачуццё патаемнага страху ва ўсіх, хто чуў яго. Дэлавары затаілі дыханне чакаючы; але Магуа, хоць і не верыў у спагадлівасць ворага, усё яшчэ стаяў, нібы прыкаваны да месца, сярод акружаўшага яго натоўпу.

— Пападзі туды, — паўтарыў малады дэлавар, які стаяў побач з разведчыкам.

— Пападзі туды, дурань! Куды? — крыкнуў Сакалінае Вока, па-ранейшаму гнеўна размахваючы стрэльбай над галавой.

— Калі белы чалавек — той воін, за якога ён выдае сябе, — прамовіў стары правадыр, — няхай ён пападзе бліжэй да цэлі.

Разведчык моцна разрагатаўся, потым перакінуў стрэльбу ў выцягнутую левую руку; грымнуў стрэл — як відаць, у выніку сутрасення — і ў паветра ўзляцелі асколкі пасудзіны і рассыпаліся ва ўсе бакі. Амаль у той-жа момант пачуўся гук упаўшай стрэльбы, якую з пагардай кінуў на зямлю разведчык.