Старонка:Апошні з магікан.pdf/416

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХХІХ

Наперадзе палонных стаяла Кора, трымаючы руку Алісы ў сваіх руках. Вялікадушная дзяўчына не зварачала ніякай увагі на грозныя твары дзікуноў, якія абкружалі яе з усіх бакоў, не адчувала ніякага страху за сябе і не спускала вачэй з бледнага, напалоханага твара дрыготнай Алісы. Побач з імі стаяў Хейвард. Сакалінае Вока стаў крыху ззаду з павагі да іх больш высокай годнасці, на якую не мог забыцца нават у хвіліну, калі становішча іх зрабілася аднолькавым. Ункаса не было паміж палоннымі. Калі зноў стала ціха, пасля доўгага значнага перапынку адзін з старых правадыроў, што сядзеў побач з патрыярхам, устаў і запытаў моцна на зусім зразумелай англійскай мове.

— Які з маіх палонных Доўгі Карабін?

Ні Дункан, ні разведчык не адказалі на гэтае пытанне. Першы кінуў позірк на хмуры, маўклівы сход і адхіснуўся, калі вочы яго трапілі на злосны твар Магуа. Ён адразу зразумеў, што хітры дзікун мае нейкія адносіны да таго, што іх выклікалі на сход, і вырашыў ужыць усе магчымыя намаганні, каб перашкодзіць ажыццяўленню яго каварных планаў. Яму давялося ўжо бачыць хуткую расправу індзейцаў, і ён трывожыўся, што для яго сябра прызначалася падобная-ж кара. Без доўгіх роздумаў Дункан раптам вырашыў усімі сіламі старацца выручыць свайго сябра, хоць-бы цаной свайго жыцця. Але, перш чым ён паспеў сказаць што-небудзь, правадыр