Старонка:Апошні з магікан.pdf/415

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у цэнтры свайго народу з вялікасцю манарха і з выглядам бацькі.

Нішто не магло быць вышэй той вялікай пашаны і той любві, з якой сустрэў народ старога. Пасля значнай паузы, патрабуемай прыстойнасцямі, галоўныя правадыры ўсталі са сваіх месц; падышоўшы да патрыярха, яны з надзвычайнай пашанай ускладалі яго рукі на свае галовы, як відаць, просячы благаславіць іх. Больш маладыя правадыры задавальняліся тым, што дакраналіся да яго адзення або нават толькі набліжаліся да яго, каб дыхаць адным паветрам з старым справядлівым і храбрым чалавекам. З маладых воінаў адважваліся падыходзіць толькі тыя, хто адзначаўся якімі-небудзь выдатнымі подвігамі; галоўная-ж маса лічыла сябе шчаслівай тым, што магла глядзець на твар глыбока шаноўнага і палка любімага чалавека. Калі былі скончаны ўсе праявы любві і павагі, правадыры вярнуліся на свае месцы, і маўчанне ахапіла ўвесь лагер.

Між тым, адзін з старых спадарожнікаў Таменунда сказаў нешта шэптам некалькім юнакам; яны зараз-жа ўсталі, вышлі з натоўпу і ўвайшлі ў хаціну, якая з’яўлялася, як ужо было заўважана, прадметам асаблівай увагі на працягу цэлай раніцы. Праз некалькі хвілін яны з’явіліся зноў; яны вялі да месца суда людзей, якія былі прычынай гэтага ўрачыстага схода. Натоўп расступіўся, утвараючы праход; калі прайшлі ўсе, ён зноў самкнуўся, утварыўшы вакол палонных шчыльнае кальцо.