Старонка:Апошні з магікан.pdf/411

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нага ўзрушэння, Магуа не толькі не пакінуў свайго месца, але астаўся ў той-жа позе ля хаціны, нерухомы і, як відаць, зусім раўнадушны да таго, што адбывалася навакол яго. Пры яго надзвычайным веданні народу, з якім ён меў справу, ён прадбачыў кожную меру, на якую адважваліся правадыры; можна сказаць, што ў многіх выпадках ён ведаў іх намеры раней, чым самі яны ўсведамлялі іх.

Нарада дэлавараў была непрацяглай. Калі яна скончылася, агульная мітусня апавясціла, што пасля нарады правадыроў павінен зараз-жа адбыцца ўрачысты сход усяго племя. Такія сходы адбываліся толькі ў самых важных выпадках. Хітры гурон вышаў з хаціны і моўчкі падышоў да пляцоўкі перад лагерам, дзе пачалі ўжо збірацца воіны.

Мінула з поўгадзіны, і калі сонца пачало падымацца над верхавінкамі гары, ля падножжа якой дэлавары пабудавалі свой лагер, большасць іх ужо сядзела на сваіх месцах. А калі яго яркія праменні пырснулі з-за абрысаў дрэў, якія аблямоўвалі ўзвышша, колькасць людзей, што сабраліся на сход, перавышала тысячу.

Толькі старэйшыя і найбольш вопытныя мелі права далажыць сходу аб прадмеце абмеркавання. Пакуль адзін з такіх людзей не праявіць жадання гаварыць, ніякія вайсковыя подвігі, прыродныя таленты, аратарская здольнасць не апраўдалі-б юнака, які адважыўся-б парушыць маўклівасць. У даным выпадку стары воін, які павінен быў гаварыць, доўга маўчаў, як відаць, па-