Старонка:Апошні з магікан.pdf/409

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Удар быў надзвычай трапным і ў больш цывілізаваным грамадстве стварыў-бы для Магуа рэпутацыю вельмі ўмелага дыпламата. Нядаўняя адсутнасць дэлавараў у часе бою выклікала, як ім добра было вядома, шмат папрокаў з боку іх французскіх саюзнікаў, і яны адчувалі, што ў далейшым тыя будуць адносіцца да іх учынкаў недаверліва і рэўніва. Няцяжка было прадбачыць, што такое становішча акажацца вельмі нявыгадным для іх у далейшым. Аддаленыя паселішчы дэлавараў, іх месцы палявання і сотні іх жанчын і дзяцей — усё гэта знаходзілася на французскай тэрыторыі. Таму трывожная вестка была ўспрынята — як і разлічваў Магуа — калі не са страхам, то з яўным незадавальненнем.

— Няхай мой бацька гляне мне ў твар, — сказаў Цвёрдае Сэрца, — ён не ўбачыць у ім перамены. Праўда, мае маладыя людзі не выйшлі на шлях вайны; яны снілі сны, якія перашкодзілі ім ісці гэтым шляхам. Але яны любяць і шануюць вялікага белага правадыра.

— Ці паверыць ён гэтаму, калі пачуе, што найвялікшы яго вораг корміцца ў лагеры яго дзяцей? Калі яму скажуць, што крывяжэрны інгіз курыць ля вашага агню? Што бледнатвары, які забіў такую колькасць прыяцеляў, расхаджвае сярод дэлавараў? Пакіньце, мой вялікі канадскі бацька не такі дурань.

— Дзе той інгіз, якога баяцца дэлавары, — адказаў правадыр, — які забіў маіх маладых людзей? Хто смяротны вораг майго Вялікага Бацькі?

— Доўгі Карабін.