Старонка:Апошні з магікан.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я кажу вам, што той, хто нарадзіўся гуронам, гуронам і памрэ, — упэўнена адказаў Сакалінае Вока. — Магаук! Калі хочаце бачыць сумленных людзей, шукайце іх сярод магікан або дэлавараў. Так. Яны сумленна б’юцца, хоць не ўсе з іхнага племені згаджаюцца ісці ў бой, бо многія дазволілі макуасам ператварыць сябе ў слабых жанчын.

— Хопіць аб гэтым, — з нецяряілівасцю заўважыў Хейвард. — Я кажу аб добра знаёмым мне чалавеку, якога вы зусім не ведаеце. Вы яшчэ не адказалі на маё пытанне: на якой адлегласці мы знаходзімся ад галоўнага атрада, размешчанага ў форце Эдуард?

— Гэта залежыць ад таго, які праваднік павядзе вас.

— Калі толькі вы скажаце мне, колькі міль асталося да форта Эдуард, і згодзіцеся правесці нас туды, вы атрымаеце ўзнагароду за вашу дапамогу.

— А хто паручыцца мне, што, зрабіўшы гэта, я не правяду ворага і шпіёна Манкальма ў нашы ўмацаванні? Не ўсякі той, хто гаворыць па-англійску, сумленны і праўдзівы чалавек.

— Калі вы сапраўды служыце разведчыкам, вы, вядома, ведаеце шасцідзесяты каралеўскі полк?

— Шасцідзесяты? Чаму не ведаць! Мала чаго вы мне скажаце пра амерыканскіх прыхільнікаў караля, чаго я сам не ведаў-бы, хоць на мне і не чырвоная куртка, а паляўнічы каптан.

— Тады, значыць, вам вядома імя маёра гэтага палка.