Старонка:Апошні з магікан.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Святое возера звіваецца між бязлікімі астраўкамі, і яго сціскаюць невысокія прыбярэжныя горы. Выгінамі яно цягнецца далёка на поўдзень, дзе ўпіраецца ва ўзвышанае пласкагор’е. З гэтага пункту пачынаўся шматмільны волак, які прыводзіў падарожніка да берагоў Гудзона; тут плаванне па рацэ рабілася зручным, бо цячэнне было без парогаў.

Выконваючы свае ваяўнічыя планы, французы спрабавалі прабрацца ў самыя аддаленыя і недаступныя цясніны Алеганскіх гор і звярнулі ўвагу на прыродныя перавагі толькі што апісанай намі вобласці. Сапраўды, яна хутка ператварылася ў крывавую арэну шматлікіх баёў, якімі абодва варожыя бакі спадзяваліся вырашыць пытанне адносна ўладання калоніямі.

Тут, у самых важных месцах, якія ўзвышаліся над навакольнымі шляхамі, вырасталі крэпасці; імі авалодваў то адзін, то другі варожы бок; іх то разбуралі, то зноў адбудоўвалі, гледзячы па тым, хто атрымліваў перамогу.

У той час як мірныя земляробы імкнуліся трымацца як найдалей ад небяспечных горных цяснін, хаваючыся ў старадаўніх паселішчах, шматлікія ваенныя сілы паглыбляліся ў некранутыя лясы. Мала хто вяртаўся адтуль. Яны былі знясілены нястачамі і цяжкасцямі жыцця, страцілі бадзёрасць ад няўдач.

І ўсё-ж людзі ўносілі жыццё ў цёмныя лясы гэтага злашчаснага краю; на прагалінах і палянах гучэла ваенная музыка; рэха гор паўтарала то