Старонка:Апошні з магікан.pdf/399

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

поспех. Ён падтрымаў упэўненасць сваіх сяброў і супакоіў тых, хто хістаўся. Потым ён накіраваўся ў сваю хаціну. Жонка, якую гуронскі правадыр пакінуў, калі народ выгнаў яго, ужо памерла. Дзяцей у яго не было, і цяпер ён жыў адзінотна ў сваёй хаціне. Гэта было тое поўразбуранае, адасобленае жыллё, у якім пасяліўся Давід. У тых рэдкіх выпадках, калі яны сустракаліся, Магуа цярпеў яго прысутнасць з пагардлівым раўнадушшам.

Хоць усе астатнія спалі, Магуа не ведаў і не хацеў ведаць адпачынку.

Калі-б хто-небудзь пацікавіўся даведацца, што робіць зноў выбраны правадыр, ён убачыў-бы, што Магуа прасядзеў у кутку хаціны, абдумваючы свае планы, усю ноч, аж да таго часу, калі ён прызначыў збірацца воінам. Часамі вецер, што праходзіў праз шчыліны ў хаціну, раздуваў слабае полымя, якое ўзнімалася над палаючым вугаллем; і тады водбліскі полымя асвятлялі сваім дрыготным святлом хмурую фігуру індзейца.

Задоўга да світання воіны, адзін за адным, пачалі ўваходзіць у адасобленую хаціну Магуа, пакуль не сабралася дваццаць чалавек. Кожны з іх меў пры сабе стрэльбу і ўсе баявыя прылады, не гледзячы на тое, што на тварах ва ўсіх была мірная расфарбоўка. Гэтыя лютыя на выгляд людзі ўваходзілі ціха, нібы непрыкметна; некаторыя з іх садзіліся ў цёмныя куткі; другія стаялі, нібы нерухомыя статуі.

Калі сабраўся ўвесь выбраны атрад, Магуа ўстаў, жэстам рукі загадаў воінам ісці за сабой і сам рушыў наперадзе ўсіх. Воіны пайшлі за